Имя пользователя
Пароль
Бытовые отходы я обычно
diplom_banner.gif

Вы здесь

Пасха

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
"Лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым"
(Рым. 6: 11)
Ад сівой даўніны да нашых дзён у жыцці чалавечага роду не было і няма падзеі, у якой жыццё і смерць набывалі б такі высокі сэнс, як у падзеі Пасхі Гасподняй.
Колькі б чалавек ні задаваў сабе пытанне пра сэнс жыцця, колькі б ні выпрабоўваў ён свой розум у імкненні разгадаць тайну смерці, — ні адзін адказ не пераўзыдзе ўсеахопнай мудрасці галоўнага догмату хрысціянскай веры:
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

"...І нас уваскрасіць сілаю Сваёю" (І Кар. 6: 14), — сцвярджаем і мы ўслед за святым апосталам Паўлам. Бо спрадвеку хрысціянскі свет яднаецца цвёрдай упэўненасцю ва ўсеагульным уваскрасенні; хрысціянскія сэрцы напоўнены непазбыўнай надзеяй атрымаць жыццё будучага веку, а розум кожнага хрысціяніна прасветлены несумненным веданнем таго, што смерць не спыняе жыцця чалавека, а з'яўляецца "іншага жыцця вечнага пачаткам" (Песня VІІ Пасхальнага канона).

Сам Гасподзь Іісус Хрыстос Сваім уваскрасеннем сцвердзіў гэты непахісны падмурак нашай веры. Уважліва чытаючы Пісанне, мы можам задаць пытанне: чаму апостал Павел называе ўваскрэслага Сына Чалавечага першынцам з памерлых (І Кар. 15: 20)? Бо Свяшчэнная гісторыя Старога і Новага Запаветаў захоўвае нямала прыкладаў уваскрашэння памерлых людзей, і ў тым ліку — Хрыстовага сябра Лазара, які памёр і прабыў у магіле чатыры дні.

У пошуках адказу нам вельмі важна ўсвядоміць, што да Светлага Хрыстовага Уваскрасення ў людзей не было цвёрдых ведаў пра жыццё будучага веку. Былі толькі здагадкі і меркаванні, міфы і паданні пра пасмяротную долю чалавека. А яшчэ была безвыходнасць, таму што Царства Нябеснае заставалася зачыненым для людзей пасля выгнання з яго нашых праайцоў, якія саграшылі.

Да Уваскрасення Хрыстовага лёс чалавека пасля зямнога скону быў такім, як кажа пра яго святы Іаў Шматпакутны: "Адыду, — і ўжо не вярнуся, — у краіну цемры і ценю смяротнага, у краіну змроку... дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра" (Іаў 10: 20—22).

І вось, Спасіцель "Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў"!

Сын Божы не проста вярнуўся з царства мёртвых, не проста ажыў: Ён перамог смерць і вывеў тых, што былі ў яе палоне, на свабоду, Ён узвысіў жыццё кожнага чалавека да бажэственнай вышыні і напоўніў вечным сэнсам дні і гады зямной юдолі.

Дарагiя браты i сёстры! Звернем свой погляд на iкону Светлага Хрыстовага Уваскрасення: вось, зруйнаваўшы вароты пекла, Адзiнародны Сын Божы трымае за рукi праайцоў Адама i Еву i выводзiць iх да Святла з краiны змроку. I разам з iмi Ён трымае за руку кожнага з нас, таму што, паводле слова Апостала, "як у Адаме ўсе памiраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць" (I Кар. 15: 22). Менавiта таму Сын Чалавечы — першынец з памерлых — называецца "Богам моцным, Уладаром, Начальнiкам мiру, Айцом будучага веку" (Вялiкае Павячэр'е).

У час зямнога жыцця Хрыста Спасiцеля, як i сёння, далёка не ўсе веравалi ў iснаванне духоўнага свету, у бессмяротнасць душы i ў жыццё вечнае. А калi так, то i сэнс жыцця, i яго мэта, i яго каштоўнасць разумелiся па-рознаму. Жыццё малых i слабых свету гэтага ўяўлялася малазначным i пазбаўленым высокага сэнсу. Багатыя i моцныя ўладарылi часцей за ўсё з жорсткасцю i надавалi значэнне толькi ўцехам i задавальненню сваiх жаданняў.

Уваскрасенне Хрыста Спасiцеля абвяргае меркаванне пра тое, што каштоўнасць чалавечага жыцця бывае рознай, што бессмяротная душа можа быць значнай для Тварца ў большай цi ў меншай ступенi. Гасподзь Iiсус Хрыстос цвёрда i недвухсэнсоўна ставiць на першы план бажэственную роўнасць усiх людзей.

Евангельская пропаведзь сцвярджае, што Бог не мае прадузятасцi, i для Тварца няма рознiцы памiж людзьмi нi па знатнасцi паходжання, нi па ступенi валодання ўладаю i багаццем, нi па месцы ў грамадскай iерархii. Перад Аблiччам Уседзяржыцеля толькi адно адрозненне iстотнае: наколькi мы адрознiваемся сваёю здольнасцю любiць Бога i любiць блiжняга свайго як самога сябе (гл.: Мф. 22: 37—39).

У старазапаветнай кнiзе Ездры мы чытаем словы, якiя сведчаць пра ўсеагульную роўнасць людзей у святле менавiта гэтых асноватворных запаведзяў любовi:

"Апраўдай удаву, рассудзi справу беднага, памажы ўбогаму, абаранi сiрату, апранi голага, пра спаралiзаванага i нямоглага паклапацiся, з кульгавага не смейся, бязрукага абаранi, i сляпога прывядзi да бачання святла Майго, старога i юнака ў сценах тваiх прытулi, мёртвых, дзе знойдзеш, пакiнуўшы знак, пакладзi ў магiлу, — i Я дам табе першае месца ў Маiм уваскрасеннi", — кажа Гасподзь (III Езд. 2: 20--23).

У гэтым пасхальным чалавекалюбстве змяшчаюцца асновы грамадскай маралi i справядлiвасцi, а значыць — i ўстойлiвасцi грамадства да выпрабаванняў веку гэтага. У гэтых словах Пiсання, кажучы сучаснай моваю, сфармулявана бiблейская сацыяльная праграма, актуальная не толькi для Царквы i дзяржавы, але i для ўсёй сусветнай супольнасцi.

Бо, па сутнасцi, усе гiстарычныя трагедыi i сацыяльныя бедствы пачыналiся там, дзе забывалася евангельскае правiла жыцця чалавечага роду: "Усё, як хочаце, каб рабiлi вам людзi, так i вы рабiце iм; бо ў гэтым закон i прарокi" (Мф. 7: 12).

Хрысцiянская адказнасць нагадвае нам, што мы i бацькi нашы — адно, i мы паклiканы малiцца за iх, прымнажаючы бацькоўскую набожнасць i адкупаючы бацькоўскiя грахi.

Памятаючы пра гэта i рыхтуючы сэрцы нашы да Пасхi Гасподняй, мы пяцiкратна малiтоўна памiналi спачылых, пачынаючы ад Усяленскай памiнальнай мясапуснай суботы. I мы працягнем гэтую малiтоўную лучнасць з нашымi продкамi ў дзень Радаўнiцы, калi адзiнымi вуснамi i адзiным сэрцам узрадуемся разам з тымi, якiя адышлi да Бога, роднымi, суайчыннiкамi i ўсiмi адвеку спачылымi праваслаўнымi братамi i сёстрамi нашымi, што Хрыстос спараўды ўваскрэс!

Узлюбленыя! Сёння мы смела ацэньваем мiнулае i цяперашняе, выказваем меркаваннi пра гiсторыю нашай Царквы, нашай Бацькаўшчыны... Аднак мы не заўсёды бываем абачлiвымi ў адносiнах да тых, хто жыў на зямлi нашых айцоў раней за нас. Таму прыгадаем, што апостал Павел, прапаведуючы Уваскрасенне Хрыстова, выказваўся вельмi строга адносна тых, хто паспешлiвы на асуджэнне.

"Хрыстос дзеля таго i памёр, i ўваскрэс, i ажыў, каб уладарыць i над мёртвымi, i над жывымi, — тлумачыць Апостал народаў, звяртаючыся i да старажытных рымлянаў, i да нас. — А ты чаму асуджаеш брата твайго? Таксама i ты, чаму прынiжаеш брата твайго? Усе мы станем на судзе Хрыстовым... Кожы з нас за сябе дасць адказ Богу" (Рым. 14: 9—12)

З усiх памерлых на зямлi Гасподзь наш Iiсус Хрыстос з'яўляецца адзiным, Хто, паводле слова Апостала, быў "аддадзены за грахi нашы i ўваскрэс для апраўдання нашага" (Рым. 4: 25).

Таму для нас, апраўданых такою высокаю цаною, найважнейшай была i застаецца мiсiя сведчання пра бессмяротнасць узаемнай любовi Бога да чалавека i чалавека — да Бога, а значыць, i да свайго блiжняга.

Сардэчна вiншую з Пасхай Гасподняй усiх адзiнаверных хрысцiян, суайчыннiкаў нашых, усiх, кiм кiруе добрая воля, i ўсярадасна сведчу пра тое, што Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Амiнь.

Пасха Хрыстова,
2010 год, Мiнск
Фiларэт,
Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi.



Отправить комментарий